ХАРЧО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
група галін прамысловасці, прадпрыемствы якой вырабляюць харч. прадукты, мыла і мыйныя сродкі, тытунёвыя і парфумерна-касметычныя вырабы. Уключае алейна-тлушчавую прамысловасць, вінаробную прамысловасць, кандытарскую прамысловасць, лікёра-гарэлачную прамысловасць, макаронную прамысловасць, масласыраробную і малочную прамысловасць, мукамольна-крупяную прамысловасць, мясную прамысловасць, парфумерна-касметычную прамысловасць, піваварную прамысловасць, плодаагароднінную прамысловасць, рыбную прамысловасць, спіртавую прамысловасць, тытунёва-махорачную прамысловасць, харчовых канцэнтратаў прамысловасць, хлебапякарную прамысловасць і інш.
На Беларусі прадпрыемствы Х.п. ўзніклі ў 1-й пал. 19 ст. У 1860 працавалі 33 цукр. і 32 тытунёвыя прадпрыемствы; у Мінску, Віцебску і інш. гарадах была наладжана вытв-сць каўбас. У 1900 дзейнічалі 552 заводы Х.п., у т. л. 12 крухмальных. У 1913—778 прадпрыемстваў гэтай галіны давалі 40,7% аб’ёму валавой прадукцыі цэнзавай прам-сці, большая іх ч. прыпадала на вінакурна-гарэлачную і тытунёвую вытв-сць. Галіна інтэнсіўна развівалася ў 1920—40: будаваліся новыя, рэканструяваліся і пашыраліся дзеючыя прадпрыемствы. У 1940 Х.п. дала 27,1% аб’ёму прамысл. прадукцыі (1-е месца сярод галін прам-сці). У Вял. Айч. вайну 75% прадпрыемстваў Х.п. разбурана. У 1945 выпуск прадукцыі склаў 18,5% ад узроўню 1940. У 1945—60 галіна адноўлена, узнікла цукр. і харч. канцэнтратаў прам-сць. У пач. 1990 галіна (у складзе каля 300 прадпрыемстваў) давала каля 20% валавой прадукцыі прам-сці.
У 2001 у складзе Х.п. 475 прадпрыемстваў, найб. буйныя Мінскі гарадскі малочны завод № 3, Мінскі маргарынавы завод, Мінскі мясакамбінат, Мінская кандытарская фабрыка «Камунарка», Барысаўская макаронная фабрыка, Слуцкі мясакамбінат, Бабруйская кандытарская фабрыка «Чырвоны харчавік», Лідскі завод харчовых канцэнтратаў, Мазырскі солевыварны камбінат, Бярозаўскі сыраробны камбінат, Бярозаўскі мясакансервавы камбінат, Магілёўскі жэлацінавы завод і інш. Тэхнал. абсталяванне для Х.п. вырабляецца на Беларусі і паступае з Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі і інш. Большасць сыравіны пастаўляе мясц. сельская гаспадарка, некат. віды (алей, цукар-сырэц, марская рыба, крухмал кукурузны, рыс, кава, какава, чай, агар-агар, вінаматэрыялы, хмель, солад) завозяцца. Большасць прадукцыі Х.п. спажываецца ў рэспубліцы. Доля галіны ў экспарце (2000) — 3,2%.
У свеце найб. развітую Х.п. маюць ЗША. Францыя, Германія, Італія, Вялікабрытанія, Японія, Расія, Венгрыя, Польшча, Балгарыя, Кітай і інш.
П.І.Рогач.
т. 16, с. 554